Афіцыйныя выданні Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь

Патрабаванні да артыкулаў, якія дасылаюцца ў рэдакцыю

Матэрыялы, якія накіроўваюцца ў рэдакцыю, павінны быць набраны на камп’ютары ў праграме MS Word, раздрукаваны на адным баку ліста фармату А4 і падпісаны аўтарам (аўтарамі). Аб’ём матэрыялаў, якія ўлічваюцца як вынікі дысертацыйных даследаванняў, павінен складаць ад 15 да 30 тысяч знакаў (уключаючы прабелы паміж словамі), іншых матэрыялаў — да 20 тысяч знакаў (адна старонка часопіса — прыкладна 5 тысяч знакаў). Матэрыял публікуецца на рускай або беларускай мове. У матэрыяле ўказваюцца загаловак артыкула на рускай і англійскай мовах і УДК (індэкс Універсальнай дзесятковай класіфікацыі).

Акрамя матэрыялаў у друкаваным выглядзе, а таксама фотаздымкаў, схем, дыяграм (пры іх наяўнасці), у рэдакцыю падаюцца іх копіі ў электронным выглядзе (накіроўваюцца па электроннай пошце jb@justbel.info для часопіса «Юстыцыя Беларусі», arh@justbel.info — для часопіса «Архівы і справаводства»).

У асобным файле да матэрыялу прыкладаюцца поўныя звесткі пра аўтара (пры сааўтарстве — па кожным з аўтараў асобна): прозвішча, імя, імя па бацьку на рускай (беларускай) і англійскай мовах, месца працы, займаемая пасада, вучоная ступень і (або) званне, кантактная інфармацыя для зваротнай сувязі (месца жыхарства, тэлефон, адрас электроннай пошты, які будзе апублікаваны ў часопісе для забеспячэння сувязі чытача з аўтарам), а таксама фотапартрэт аўтара (пераважныя фарматы — jpeg або tif, памер — не менш за 2000 пікселяў па доўгім баку).

Да артыкула павінна быць прыкладзена рэцэнзія (не навуковага кіраўніка).

Тэкст артыкула павінен быць структураваны (анатацыя, уводзіны, асноўная частка, заключэнне). Уводзіны павінны ўтрымліваць кароткі агляд літаратуры па разглядаемай праблеме, кола раней нявырашаных пытанняў; у асноўнай частцы неабходна падрабязна асвятліць разгляданыя пытанні; у заключэнні павінны быць выразна сфармуляваныя высновы.

Артыкулы, што паступаюць для публікацыі ў часопісы «Юстыцыя Беларусі» і «Архівы і справаводства», не павінны быць апублікаваныя раней, а на момант паступлення ў рэдакцыю не павінны знаходзіцца на разглядзе ў іншых часопісах.