Равеснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
Доўнар Т. І.
доктар юрыдычных навук, прафесар кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
19 сакавіка 2021 г. на юрыдычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (далей – БДУ) у кантэксце шматлікіх мерапрыемстваў, звязаных са 100-годдзем БДУ, адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння доктара юрыдычных навук, прафесара Юхо Язэпа (Іосіфа) Аляксандравіча, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё беларускай прававой навукі і юрыдычнай адукацыі. Пасля Вялікай Айчыннай вайны, непасрэдным удзельнікам якой ён быў (некалькі разоў паранены, узнагароджаны ордэнамі і медалямі), і заканчэння Мінскага юрыдычнага інстытута ён пэўны час працаваў суддзёй. У 1956 годзе Юхо Я.А. стаў выкладчыкам юрыдычнага факультэта БДУ, у сценах якога раскрыліся яго выкладчыцкі і даследчы таленты. Удзельнікі канферэнцыі – замежныя і айчынныя навукоўцы, шэраг з якіх з’яўляліся былымі студэнтамі і аспірантамі Юхо Я.А., адзначалі значны ўплыў яго прац на іх навуковую дзейнасць, акцэнтавалі ўвагу на вялікім укладзе знакамітага вучонага не толькі ў развіццё гісторыка-прававой навукі і юрыдычнай адукацыі Беларусі, але і самой беларускай дзяржаўнасці. Напрыклад, ён быў адным з распрацоўшчыкаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года.