Другое абвяшчэнне Беларускай ССР
Доўнар Т. І.
доктар юрыдычных навук, прафесар кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
30 снежня 1918 года ў г. Смаленску (Мінск быў акупіраваны немцамі) была склікана VI Паўночна-Заходняя абласная партыйная канферэнцыя РКП(б), якая аб’явіла сябе I з’ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларускай Савецкай Рэспублікі і прыняла рэзалюцыю аб абвяшчэнні БССР і пастанову аб тэрыторыі рэспублікі. У іх гаварылася, што асноўным ядром Беларускай рэспублікі лічацца Мінская, Смаленская, Магілёўская, Віцебская і Гродзенская губерні, з прылеглымі да іх тэрыторыямі суседніх губерняў, населеных пераважна беларусамі, – шэрагам паветаў з Ковенскай, Віленскай, Сувалкскай і Чарнігаўскай губерняў. На гэтай тэрыторыі пражывала больш за 15 млн чалавек.