Права Беларусі: ад Судзебніка 1468 года да Статута 1529 года
Доўнар Т. І.
доктар юрыдычных навук, прафесар кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
ХV стагоддзе пазначылася актыўным развіццём заканадаўства Вялікага княства Літоўскага – дзяржавы, палітыка-эканамічным цэнтрам якой сталі беларускія землі. У сувязі з гэтым узнікла неабходнасць сістэматызацыі прававых норм, якія ўтрымліваліся ў назапашаных нарматыўных актах. Апроч таго, феадалы патрабавалі заканадаўчага афармлення і павелічэння сваіх правоў і прывілеяў. Фактычна ўжо першыя агульназемскія граматы (прывілеі) мелі на мэце звесці разнастайныя прававыя нормы, што дзейнічалі ў розных мясцовасцях дзяржавы (звычаёвыя і запісаныя ў дзеючых нарматыўных актах), у адзіныя для ўсёй дзяржавы нарматыўныя акты. Асабліва гэта праявілася ў перыяд праўлення вялікага князя Казіміра, які адначасова з’яўляўся і каралём Польшчы. Граматай 1447 года Казімір замацаваў суверэнітэт дзяржавы і шэраг правоў феадалаў, у тым ліку права вотчыннага (даменіяльнага) суда.